НАРМА́НДСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944 (кодавая назва «Нептун»),

высадка экспедыцыйных сіл ЗША і Вялікабрытаніі пры ўдзеле кан., франц., чэхаславацкіх і польскіх войск з Брытанскіх а-воў цераз Ла-Манш на ўзбярэжжа Нармандыі (Паўн.-Зах. Францыя) і захоп імі стратэг. плацдарма на тэр. ням.-фаш. войск 6.6—24.7.1944; састаўная частка аперацыі «Оверлорд» у 2-ю сусв. вайну. Саюзнікі (галоўнакаманд. ген. Д.Д.Эйзенхаўэр) сканцэнтравалі 39 дыв., 12 асобных брыгад, 10 атрадаў камандас і рэйнджэраў (англ. і амер. дэсантна-дыверсійныя часці), буйныя сілы авіяцыі і флоту (усяго 2 млн. 876 тыс. чал., 6 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 15 тыс. гармат і мінамётаў, каля 11 тыс. баявых самалётаў, каля 7 тыс. баявых, трансп. і дэсантных караблёў). Сухапутныя войскі былі аб’яднаны ў 21-ю групу армій (каманд. ген. Б.Л.Мантгомеры) у складзе 1-й амер., 2-й англ., 1-й кан. армій (32 дыв. і 12 асобных брыгад). Узбярэжжа Паўн.-Зах. Францыі, Бельгіі і Галандыі абараняла група герм. армій «Б» (ген.-фельдмаршал Э.Ромель) — 38 дыв. (на ўчастку высадкі дзейнічалі 3 дыв.) пры падтрымцы 470 баявых караблёў розных класаў, 42 артыл. баржаў і 49 падводных лодак. Саюзнікам удалося забяспечыць нечаканасць, захаваць тайну месца і тэрміну высадкі войск. З канца крас. 1944 яны наносілі масіраваныя паветр. ўдары па аэрадромах, чыг. вузлах і пунктах кіравання немцаў. У ноч на 6.6.1944 пры падтрымцы авіяцыі ў штармавое надвор’е былі захоплены 2 плацдармы: на Пн ад Карантана — 2 амер. і на ПнЗ ад Кана — 1 англ. паветр.-дэсантнымі дывізіямі. Пры падтрымцы карабельнай артылерыі і авіяцыі саюзнікі ў першы дзень занялі некалькі плацдармаў. Да 5 ліп. ў Нармандыі ўжо было 1 млн. саюзных вайскоўцаў. Сярод амер. дэсантнікаў, што першымі высадзіліся на ўзбярэжжы Нармандыі, былі бел. эмігранты, у т. л. І.Радзюковіч (бацькі паходзілі з Міншчыны). Вял. перавага саюзнікаў над праціўнікам у сілах і сродках, інш. фактары не дазволілі ням. камандаванню паспяхова абараняцца (войскі ўступалі ў бой разрознена, неслі значныя страты). Адной з прычын слабасці вермахта на З з’явілася наступленне Сав. войск на Беларусі (гл. Беларуская аперацыя 1944). Да 25 ліп. саюзнікі стварылі стратэг. плацдарм на рубяжы на Пд ад Кана, Камона, Сен-Ло, дзе сканцэнтраваліся 3 арміі (23 пяхотныя, 8 бранятанк., 1 паветр.-дэсантная дыв.). Ім процістаялі 7-я герм. армія і танк. група «Захад» (24 дыв., з іх 9 танк.). Н.д.а. — буйнейшая марская дэсантная аперацыя ў 2-ю сусв. вайну, якая паклала пач. адкрыццю другога фронту. Саюзнікі страцілі 122 тыс. чал., ням. бок — 117 тыс. чал.

Літ.:

Гл. пры арт. Другі фронт.

Да арт. Нармандская дэсантная аперацыя 1944. Штурмавыя часці саюзнікаў на ўзбярэжжы Нармандыі. Ліпень 1944.

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)